Дзяржаўная ўстанова культуры «Нараўлянскі гісторыка-этнаграфічны музей»

Нараўлянскі этнаграфічны музей прыняў першых наведвальнікаў 8 мая 1995 г. Экскурсія пачынаецца з гісторыі будынка — помніка драўлянага дойлідства канца XIX ст. Першая зала — «Мая Нараўляншчына» — прадстаўляе жывапіс Юрыя Фісюка, «Чорная быль», «Чорнае дрэва» — карціны В. Шматава, дыяраму з панарамай адселенай вёскі. «Залаты фонд» музея — гэта зала ткацтва. У музеі прадстаўлены калекцыя ікон, Псалтыры, акафістнікі, жыццеапісанні, песеннікі, прапануецца інфармацыя аб дзейнічаючых і страчаных храмах. У зале посуду прадметы з дрэва, гліны, берасты, лыка распавядаюць пра доўгую эвалюцыю спосабаў вырабу посуду. Сялянскае падвор'е прадстаўляе шматлікі збор сялянскага інвентару, предметаў рыбалоўства. У экспазіцыі дэманструецца культура сельскага побыту, яго развіццё ад драўлянай печы, трохспіннага ложка, самаката, мухалоўкі, «сабачкі» да швейнай машыны «Зінгер». Колькасць адзінак захавання — 3270 (2012). Нараўлянскі музей сёння — даследчы і асветніцкі цэнтр, які прапануе разнастайныя экскурсіі, музейныя заняткі, працу па праграме «Музей і Мы» і інш.